помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18—19 ст. у в. Прылукі Мінскага р-на. Закладзены на месцы б. манастыра 17 ст. Уключае палац і парк. Мураваны п а лац пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст., рэканструяваны ў 1851, пасля пажару 1868 адноўлены ў 1872; значна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, адбудаваны ў 1950-я г. Першапачаткова палац уяўляў сабой кампактнае прамавугольнае ў плане 2-павярховае збудаванне з нізкім цокальным паверхам у стылі несапраўднай готыкі. Цэнтр. 3-павярховы рызаліт з гранёным эркерам на паркавым фасадзе і 4 шматгранныя вуглавыя вежачкі, завершаныя зубцамі, стваралі дынамічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Гал. фасад вылучаны лоджыяй на 2 узроўнях у рызаліце з праёмамі, завершанымі спічастымі і кілепадобнымі аркамі. Рызаліт, завершаны невысокім атыкам, аздоблены складанай па форме нішай у цэнтры. Пасля 1886 да паўд. тарцовага фасада прыбудаваны 1-павярховы аб’ём са сталовай і аранжарэяй; пазней да яго прыбудавалі 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус; да паўд. тарцовага фасада далучылі 3-павярховы вежападобны аб’ём, завершаны нізкім шатровым дахам. У 1-й пал. 19 ст. перад гал. фасадам палаца пастаўлена 3-ярусная вежа з гадзіннікам, завершаная высокім шатром са шпілем і флюгерам (не захавалася). П а р к мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу. Закладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст. на ўзор італьян. тэраснага саду (захаваўся часткова). Пл. 4,5 га. Перад гал. фасадам палаца невял. партэр і пейзажная частка парку. У парку стаялі мураваная капліца, свіран, былі 2 сажалкі, вадзяны млын (не захаваліся). Сярод дрэў лістоўніцы Сукачова і еўрап., арэх маньчжурскі, піхта сібірская, таполя канадская і інш.
В.Р.Анціпаў, Ю.А.Якімовіч.
Прылуцкі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.Прылуцкі палацава-паркавы комплекс. Малюнак Н.Орды. 19 ст.